Сцэнарый «Вербніца. Чысты тыдзень. Вялікдзень»
- Категория: Медиаклуб "Исток"
Мэта: прапагандаваць сярод маладога пакалення народныя абрады і звычаі;
Задачы:
-выхоўваць павагу да народных традыцый, асабліва тых, якія сталі помнікамі духоўнай культуры беларусаў;
-выпрацоўваць у вучняў уменні пераўвасабляць сабраны падчас фальклорных экспедыцый матэрыял у сцэнічную дзею, культуры маўлення па-беларуску.
Ход мерапрыемства:
Дзея адбываецца на сцэне і ў зале.
Гучаць царкоўныя званы. Чарада дзяўчат і хлопцаў выбягае на сцэну, бярэ галінкі вярбы, аздабляе іх ядлоўцам і каляровымі стужкамі. Паступова званы сціхаюць. Харавы клас спявае песню «Вербочки» (сл. А. Блока, муз. Р. Гліера). Дзяўчаты і хлопцы выходзяць на пярэдні план сцэны, пачынаюць адно аднаго хвастаць асвечанай галінкай, прыгаворваючы:
Усе.
Не я б’ю, вярба б’е,
За тыдзень — Вялікдзень,
Хвора ў лес на верас,
А здароўе ў косці.
Не я б’ю, вярба б’е,
За тыдзень — Вялікдзень.
Будзь здароў, як вада,
А расці, як вярба.
Будзь здароў на ўвесь год!
Удзельнікі спускаюцца ў залу.
Дзяўчаты (б’юць гасцей галінкамі вярбы).
Вярба хрэст б’е да слёз,
Не я б’ю, вярба б’е,
Няхай у вас усіх здароўе жыве!
Усе вяртаюцца ў хату (на сцэну) да гаспадароў.
Дзяўчына (падыходзячы да гаспадыні, б’е яе галінкай).
Не я б’ю, вярба б’е,
За тыдзень — Вялікдзень,
Вярбовым дубцом, ды самым канцом.
Уставай, гаспадыня, рана
Быдла гнаць,
Не забудзься, гаспадыня,
Лусты ўзяць!
Гаспадыня. Дзякую вам за добрыя словы. З’ешце па адной пупышцы вярбы, каб летам абараніць сябе ад навальніц (з’ядаюць).
Дзяўчына. Утыкаю вярбу за бажніцу, утыкаю ў сцены гэтай хаты да наступнага Вербнага тыдня, каб захаваць ад магчымай згубы і ўплываў «дурнога вока» (б’е. тры разы бажніцу і ўтыкае галінкі ў сцены і за абразок).
Гаспадыня (моцна выкрыквае). Свята Вербніца сошкі правіць!
Дзяўчаты знікаюць са сцэны, а гаспадары ідуць на двор (у залу).
Гаспадары (абыходзячы поле). Утыкаем вярбу ў вуглы раллі, каб добры ўраджай радзіў тут і не пабіў яго град (абрад выконваецца).
Далей гаспадары абыходзяць гаспадарчыя рэчы (у зале) з падпаленымі галінкамі.
Гаспадар. Абкурваем хлеў і жывёлу, і гняздо квахтухі, і цельную карову, каб спыніць у іх усякую хваробу (галінкі ўтыкаюць у сцены хлява).
Гучыць народная музыка (пройгрыш).
Гаспадары вяртаюцца ў хату. Далей дзеянне адбываецца на сцэне (у хаце). Ідзе паказ абрадаў Чыстага тыдня.
Гаспадыня (звяртаецца да гаспадара). Сёння Чысты панядзелак — цэлы дзень будзем пасціць: не есці і не піць, затое летам паспяхова будзем знаходзіць птушыныя гнёзды.
Гучыць народная музыка (пройгрыш).
Гаспадыня. Стары, сёння ж ты не забыў, што Чысты аўторак, паглядзі і павынось з хаты ўсё нячыстае, каб на нас немач якая не напала.
Выносяць з хаты ўсё старое.
Гучыць народная музыка (пройгрыш).
Чысты чацвер. Дачка і маці мыюць падлогу, прыбіраюць хату (на сцэне). Гаспадар з сынам прыбірае ў хляве і на двары (у зале).
Гаспадар. Раней нашы продкі ў Чысты чацвер клалі пад страху хлеб, соль і мыла. Давайце і мы выканаем гэты абрад.
Выконваюць абрад. Дзея пераходзіць у хату (на сцэну).
Зноў прыбіраецца хата. Уносіць гаспадар назаўтра соль, мыла ў хату.
Дачка. Гэта соль засцеражэ ад суроку нас (сямейнікі абмокваюць палец у соль і ліжуць).
Гаспадар. Ой, а хлеб падмёрз, значыць, і яравы хлеб сёлета будзе пашкоджаны маразамі (усе здзіўляюцца).
Гаспадыня. А мылам умыемся, каб быць чыстымі і здаровымі на цэлы год (умываюцца і ўціраюцца).
Кажуць, калі ў Чысты чацвер пасееш што-небудзь на полі ці ў агародзе, то і збожжа вырасце чыстае, без пустазелля, а ў Вялікую пятніцу — і добра зародзіць.
Гаспадар з сынам бяруць сеўку-лубку. Ідуць на поле (у залу) і сеюць жыта і гарох.
Гучыць народная музыка (пройгрыш).
Гаспадары (тройчы). Хрыстос уваскрэс!
Зала (адказвае тройчы). Сапраўды ўваскрэс!
Гаспадары ідуць дахаты, вітаюцца з роднымі гэтымі ж словамі. Стол у гэты час ужо застаўлены ежай.
Гаспадары выкладваюць асвечаную ежу на стол.
Усе ўмываюцца, уціраюцца ручніком, сядаюць за стол, частуюцца.
Стук у дзверы. Уваходзіць сусед Янка.
Я н к а. Хрыстос уваскрэс!
Д а ч к а. Сапраўды ўваскрэс!
Гаспадар. Жонка, ты звярнула ўвагу, што першым у хату ў Велікодны дзень завітаў мужчына, значыць, наша кароўка сёлета народзіць бычка.
Гаспадыня. Вельмі добра: з бычка заўсёды больш мяса бывае. Просім да стала.
Гаспадар. А вось і валачобнікі завіталі!
Хлопец (з кампаніі). Святое Вялічка — з красным яечкам!
Усе. Хрыстос уваскрэс!
Гаспадар. Сапраўды ўваскрэс!
Хлопец (вітаецца).
Добры вечар, пане гаспадару!
Твая ніва дужа ўрадліва:
Чаго ні пасееш, то ўсяго імееш:
Авёс, ячмень, грэчка — з кожнай капы бочка,
Картопля, цыбуля — як гарматна куля,
Жыта і пшаніца і ўсякая пашніца,
Мы цябе віншуем і шчасцем жалуем.
Гучыць народная песня «Валачыліся валачобнікі...»
Дзяўчына. Дзяўчаткі, давайце ў біткі пагуляем, у каго самы мацак будзе.
Ідзе гульня ў біткі.
Дзяўчына. А чыё яечка далей пакоціцца? Давайце паглядзім. (Хапае жолаб.)
Усе прысутныя катаюць яечкі па жолабе.
Гучыць народная песня «На першы дзень, на Вялікдзень...»
Гаспадары (дзякуюць валачобнікам). Вось вам за гэта пяток яек, канец пірага, акраец хлеба, кавалак сыру, варанага мяса. Ідзіце сабе з Богам да другога двара.
Дзяўчына. А мы вам за гэта яшчэ песню праспяваем.
Гучыць народная песня «Дай ішлі хлопцы полем, борам...» (дадатак 6).
Валачобнікі (развітваючыся з гаспадарамі і прысутнымі ў зале). Дай жа, Божа, каб вам усім было гожа, весела жылося, шчасліва вялося: у полі ўродзіста, у гумне накладзіста, у клеці насыпіста, у млыне ўедзіста! I вас пачастуем велікоднымі пірагамі.
Разыходзяцца па зале і пад музыку раздаюць пірагі. Затым падымаюцца на сцэну.
Усе. А вы нас не забывайце, на лета яшчэ прыязджайце!