Канферэнцыя-вечарына “Дзівосны свет дзядькі Язэпа”
- Категория: Медиаклуб "Тропинками памяти"

Вядучы (за кулісамі): Пачынаем канферэнцыю-вечарыну да 130-годдзя нараджэння Язэпа Нарцызавіча Драздовіча “Дзівосны свет дзядзькі Язэпа”. І нам прыемна, што на наша мерапрыемства завіталі паважаныя госці:
Доктар біялагічных навук, прафесар, акадэмік,загадчык аддзела біяхіміі і біятэхналогій раслін Дзяржаўнай навуковай установы “ Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” Рашэтнікаў Уладзімір Мікалаевіч.
Дэкарацыі: На экран высвечваецца вобраз Язэпа Драздовіча. У запісе гучыць тэкст. Папланавы занавес упрыгожваюць ілюстрацыйныя дываны Язэпа Драздовіча.
Маналог Язэпа Драздовіча (аўтар – Алесь Жыгуноў)
Людцы, дзякуй за хлеб,
Вы мяне шанавалі,
Я – Драздовіч Язэп,
Вы пазналі?
Задыхаўся і слеп,
Бо тварыў апантана.
Я – Драздовіч Язэп,
Што маё захавана?
Так мяне не стае –
Голаў хіліце нізка?
А карціны мае
Каля сэрцайка блізка?
Я – нічый, без патрэб
Па Ліплянах блукаю.
Я – Драздовіч Язэп,
Я шапчу, я гукаю:
- Людцы, дзякуй за хлеб,
Абавязаны вам хлебам
Я – драздовіч Язэп –
Не адзіны пад небам.
Габелен сінявы –
Колькі таленту, Божа!
Я вас помню, а вы?
Успамянеце, можа…
Вобраз Язэпа Драздовіча знікае.
Падымаецца папланавы занавес.
Дэкарацыі: сучаснасць, крэсла, паліца з кнігамі, гучыць музыка, куток бібліятэкі, дзе выпадкова хлопчык знаходзіць кнігу.
Хлопчык чытае пра сябе:
- Сярод талентаў больш і менш знакамітых ёсць імёны асаблівыя, азораныя яркасцю асобы . У гэтым шэрагу, безумоўна, і самабытнае імя Язэпа Драздовіча. Перш за ўсё ўражвае кола яго інтарэсаў і захапленняў. Ён маляваў і вучыў маляваць, збіраў экспанаты для музея і раскопваў старажытныя гарадзішчы, запісваў фальклор і замалёўваў замкі, адкрыў школку на роднай мове і стварыў аматарскі тэатр, пісаў працы па астраноміі. А яшчэ ён адмыслова валодаў родным словам, што не толькі дазволіла яму выдаць кнігу прозы, але і з выключнай выразнасцю занатаваць у дзённіку перыпетыі свайго нялёгкага жыцця, думкі і пачуцці, яву і сны…
Па такім прынцыпе, і складзена гэта кніга.
(Занавес апускаецца.)
Вядучы (за кулісамі): Адкрывае канферэнцыю Майсяёнак Андрэй Георгіевіч, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар біялагічных навук, прафесар, біяхімік, загадчык аддзела Інстытута біяхіміі біялагічна актыўных злучэнняў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, краязнаўца. Тэма выступлення: “Язэп Драздовіч ва ўспамінах сям'і доктара Георгія Нікіфаравіча Майсяёнка”
Падымаецца папланавы занавес.
Дэкарацыі: вясковы быт, вясковае адзенне, бабуля. Бабуля расказвае:
- Драздовіч нарадзіўся ў засценку Пунькі. Памятаю, як хадзіў ён па вёсках і размалёўваў у хатах дываны. Шмат тады хадзіла па вёсках мастакоў, зараблялі сабе гэтак. Адзін бывала прыйдзе, змалюе з паштоўкі малюнак на дыван, але ўсе там нібыта не жывое было. А Драздовіч нее, прыйдзе, нацягне палатно, потым ходзіць, ходзіць вакол яго, аб не чым думае, а потым возьме пэндзаль, раз, раз махнуў вось ужо і лісіца стаіць і глядзіць на цябе, быццам пабегчы збіраецца. А яшчэ ён кветкі збіраць любіў, прынясе ў хату, паставіць на стол, такі твар у яго становіцца не выказаць… І як прыемна, што Язэпаву творчасць працягваюць мае юныя сучаснікі. Жыццё працягваецца…
Занавес апускаецца.
Вядучы (за кулісамі):Запрашаем да мікрафона Балабуеву Жанну Уладзіміраўну, дырэктара Дзяржаўнай установы адукацыі “Дзіцячая мастацкая школа імя Язэпа Драздовіча”. Тэма выступлення: “Беларускі жывапісец, мастак і графік” (Метадычнае выкарыстанне творчасці Язэпа Нарцызавіча Драздовіча ва ўстанове адукацыі).
Падымаецца папланавы занавес.
Дэкарацыі: Год: 1980. Вобраз літаратара з газетай, каля яго многа кніг, газет, настольная лампа. Чытае, адкладвае газету:
У канцы студзеня 53 года (я быў тады вучнем 7 класа Галубіцкай сямігодкі) да нас завітаў дзядзька Язэп. Быў даволі моцны мароз. У нейкі момант я пачуў, што хтосьці пастукаў у замерзшае акно. Спачатку я падумаў, што гэта свяшчэннік, бо тады бараду мала хто насіў. Я паклікаў бацьку. Ён сказаў, што ведае гэтага чалавека, і аб сустрэчы яны дамовіліся раней. Я здагадаўся, што гэта не просты селянін, бо, як аказалася, ён вельмі добра ведаў гісторыю нашага краю у прыватнасці былога Дзісненскага павета.
Наш госць тым часам вёў гутарку аб тым, як ён сустракаўся з вядомымі дзеячамі літаратуры і мастацтва. З вялікай цеплынёй успамінаў ён аб сустрэчы з Янкам Купалам і некалькі раз паўтарыў, што гэта быў не тольі паэт, але і вялікай душы чалавек.
Добра памятаю, што ўспамінаў ён пра сваю кнігу, якая выходзіла асобным выданнем, паказваў выразку з часопіса, дзе быў надрукаваны яго верш-песня.
Пасля той сустрэчы мне больш ніколі не давялося убачыць Драздовіча. (Паўза, задуменне, працягвае чытаць газету.)
Занавес апускаецца.
Вядучы (за кулісамі): Да размовы далучаецца Хайноўскі Аляксандр Вітальевіч, старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнай установы культуры “Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей. Тэма выступлення: “Язэп Драздовіч – гісторык, археолаг, даследчык даўніны…” (Даследванне помнікаў гісторыі і археалогіі Дзісненшчыны Язэпам Драздовічам, краязнаўчы накірунак дзейнасці мастака).
Падымаецца папланавы занавес.
Дэкарацыі: піша пісьмо Браніслаў Эпімах-Шыпіла, беларускі мовазнаўца, літаратар, фалькларыст, выдавец. Жыў у в. Залессі.
$1- Менск 12-га сакавіка, хоць правільней было б назваць яго снегавіком, 1929 г. у ваўторак.
- Паважаны і дарагі Язэп Нарцызавіч!
Учора атрымаў я прысланы Вамі альбом драўляных будоўляў, прызначаны, мусі быць, неадменнаму Сакратару Акадэміі, акадэміку Ластоўскаму. Каторы вас прасіў аб гэтым, і катораму я і перадаў яго. Для вывучэння і навуковых доследаў над гэтымі будоўлямі альбом Ваш мае тыя недахопы, што у ім не паказаны мяйсцовасьці, у якіх зроблены гэты пекныя Вашы зарысоўкі, а гэта абавязкова неабходна для даследчыка. Можа, Вы лістоўна дашлеце гэтыя патрэбныя весткі. Неўзабаве, можа пазаўтра, вышлю я Вам: “Нарысы з гісторыі Беларускага мастацтва Шчэкаціхіна том першы”, у якім Вы знойдзеце апісанне і руін Навагрудскага замку. За тым сардэчна цісну Вашу руку і астаюся з пашанай адданы. Браніслаў Эпімах-Шыпіла.
Занавес апускаецца.
Вядучы (за кулісамі): Размову працягваеШарыпкін Рыгор Леанідавіч, настаўнік рускай мовы і літаратуры Дзяржаўнай установы адукацыі “Залесская сярэдняя школа-дзіцячы сад Глыбоцкага раёна”, краязнаўца. Тэма выступлення: “Язэп Драздовіч і яго духоўная спадчына” (Старонкі жыцця мастака, звязаныя з Залескім краем на падставе матэрыялаў школьнага краязнаўчага музея).
Падымаецца папланавы занавес.
Дэкарацыі: 1930-ыя гады, кірмашовая плошча, гул людскі. Людзі паміж сабой вядуць гутарку.
- Скажы мне, Насця, што за дзівак-чалавек ходзіць па нашай вёсцы? Ну гарапашнік нейкі. На маю думку ў яго няма ні хаткі, ні лапаткі, як у народзе кажуць.
- Ой, дык гэта ж, як дзеці клічуць, наш дзядзька Язэп. Ён па вёсках ходзіць і на тканіне малюе розныя ўзоры за хлеб і прытулак.
- Ну так, я чула, што ў Малых Давыдках для Веркі Валодзькавай фіранкі размаляваў з месячнай ноччу.
- А Соні дыван з лебядзямі намаляваў. Прыгожа. Грошы не ўзяў, а кавалачак сала з хлебам у торбу сабе закінуў.
- А што? Нядорага і прыгожа.
- А я яшчэ чуў, што гэты Язэп вельмі адукаваны, бо настаўнічае ў Глыбокім і Лужках.
- І кажуць, што яго запрасілі ў Навагрудцкую гімназію дзяцей навучаць.
- (са смехам) Ён жа памешаны на Луне. Дзівак-чалавек!
- Ну-ну. Людзі думаюць пра хлеб надзённы, а тут у галаве яго нейкае жыццё на Сатурне…
- Смех, ды й толькі…
Да размовы далучаюцца 3 дзяўчынкі.
1-я дзяўчынка: Дзядзька Язэп не такі, як усе…
2-я дзяўчынка: Чаму гэта не такі?
1-я дзяўчынка: Не такі! Вось прыйдзе, няхай і з далёкай дарогі, а нізавошта не ўседзіць на месцы…
3-я дзяўчынка: Так, так! Я заўважыла, калі ён не малюе або не рэжа што па дрэве, дык шпацыруе туды-сюды па хаце, мармучучы сабе пад нос: ці думае ўслых, ці верш складае…
2-я дзяўчынка (падхоплівае): Ага. А потым раптоўна спыніцца, прысядзе за стол і пачынае хуценька пісаць…
1-я дзяўчынка: Шкада яго. Дзядзька Язэп разумны, толькі бедны.
3-я дзяўчынка: Не-не, дзяўчынкі! Галоўнае – ён добры, інтэлігентны і сапраўдны творца.
2-я дзяўчынка: Ой, дзяўчаткі, я ж чула, што сёння пад вечар ён да цёткі Марылі на начлег прыйдзе. Будзе дыван маляваць. Вось бы паглядзець!
Разам: Ага!
Занавес апускаецца.
Вядучы (за кулісамі): Запрашаем на сцэну Сауліч Людмілу Іванаўну, дырэктара Дзяржаўнай установы адукацыі “Падсвільская сярэдняя школа Глыбоцкага раёна”. Тэма выступлення: “Па залах краязнаўчага музея Падсвільскай сярэдняй школы” (Творчы шлях мастака Язэпа Драздовіча на падставе экспанатаў школьнага музея).
Выходзяць мужчына і жанчына ўбеларускім адзенні. Чытаюць верш.
Чароўны творца (аўтар – Васіль Жуковіч)
Мужчына: Які ён зорны й сонечны мастак –
З размахам гістарычным і касмічным,
Этнограф, археолаг энергічны,
Пісьменнік незвычайны, наш Зямляк!
Жанчына: Душою ўсёй любіў сваю краіну,
Рагнеду, Чарадзея, свет-Скарыну,
Ахоплены высокім пачуццём,
Захоплены мастацтвам і жыццём,
Мужчына: Даследнік роднае зямлі свае,
О, як цяпер яго нам не стае!
Жанчына: Вандруе недзе па Сусвеце зорным,
І ўспамінае яго край азёрны –
Разам: Чароўны творца ў душах паўстае.
презентация к мероприятию: https://cloud.mail.ru/public/4FPm/2SjWHXDzt

















